Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст




НазваниеКласіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст
страница13/18
Дата01.09.2012
Размер3.05 Mb.
ТипДокументы
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   18




Іван КАТЛЯРЭЎСКІ (1769 – 1838)


Творчасць нацыянальнага пісьменніка

выява сентыментальнай правінцыйнасці

ці заканамернасць агульнаеўрапейскага літаратурнага працэсу?


Творчая спадчына І. Катлярэўскага назаўсёды ўпісала яго імя ў гісторыю Украіны як пачынальніка новай украінскай літаратуры. Аднак, аб’ёмнае і ўсебаковае прачытанне яго тэкстаў стала магчымым толькі напрыканцы ХХ ст. Украінскасць як вядучая ідэя твораў Катлярэўскага пачала разглядацца на толькі ў працах замежных (М. Паўлышын), але і айчынных навукоўцаў (М. Жулінскій і інш.). Напрацягу двух папярэдніх стагоддзяў ўзнікалі розныя погляды на ўнёсак Катлярэўскага ў літаратуру Украіны. Некаторыя, як П. Куліш, лічылі, што Катлярэўскі не так «рацыяналістычна», як інтуітыўна падначаліўся «недаўсвядомленаму вяленню народнага духа», не да канца разумеў тое, што зрабіў. С. Яфрэмаў выказаў адваротную думку, «справа такой велізарнай грамадскай значнасці неўсвядомлена не робіцца, а тым больш, калі чалавеку даводзіцца быць першапраходцам». Зрэшты, сёння ўсе пагаджаюцца, што творы Катлярэўскага, вырастаючы з нацыянальных традыцый народнай творчасці, здабыткаў нізавога ўкраінскага барока, сталі калыскай новай украінскай літаратуры. Датай адліку ў перыядызацыі ўкраінскага літаратурнага працэсу пры вызначэнні новага перыяду развіцця мастацтва слова з’яўляецца 1798 год, год напісання першай часткі неўміручай паэмы «Энеіда».

Іван Пятровіч Катлярэўскі нарадзіўся 29 жніўня (9 верасня) 1769 г. у Палтаве ў сям’і дробнага двараніна — чыноўніка гарадскога магістрата. Памёр там жа 10 (22) лістапада 1838 г. «Заплакала ўся Палтава, хаваючы Катлярэўскага, заплакалі тыя простыя жыхары, якім ён дапамагаў, для якіх быў заступнікам, заплакалі і тыя высакародныя і адукаваныя, хто чытаў Катлярэўскага і шанаваў яго за цудоўныя творы». Гэтыя радкі, якія належаць пісьменніку Б. Грынчэнку, аўтару шырокавядомага «Слоўніка ўкраінскай мовы ў 4-х тамах», выдатна характарызуюць асобу Катлярэўскага. У вершы «На вечную памяць Катлярэўскаму» Т. Шаўчэнка называў яго «батьком». У 1903 г. у Палтаве ўрачыста адкрылі помнік І. Катлярэўскаму як першаму класіку нацыянальнага пісьменства, а М. Кацюбінскі, выступаючы з прамовай на гэтым свяце, якое ўспрымалася як форум нацыянальнай інтэлігенцыі, падкрэсліў, што дзякуючы Катлярэўскаму «занедбане й закинуте під сільську стріху слово, мов фенікс з попелу, воскресло знову... і голосно залунало по широких світах».

У 1780 — 1789 гг. Катлярэўскі вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі, выхаванцы якой былі скіраваны ў будучым на працу свяшчэннаслужыцеляў. Як найбольш здольнага вучня Катлярэўскага рэкамендуюць для навучання ў Пецярбург. Аднак апошняга, багаслоўскага класу юнак не скончыў. Відавочна, прычын тут некалькі: і цяжкія матэрыяльныя абставіны – памёр бацька, і не схільнасць да кар’еры свяшчэнніка. У семінарыі Катлярэўскі авалодаў спадчынай класічных мысліцеляў і пісьменнікаў, атрымаў грунтоўнае веданне заходнееўрапейскай і антычнай літаратур, лацінскай, нямецкай, французкай, рускай моў. Структура навучання ў пэўным плане абапіралася на кіева-магілянскія традыцыі. Для Катлярэўскага, як і для большасці адукаваных украінцаў яго часу, шматмоўнасць была досыць характэрнай з’явай. У семінарыі вучні складалі вершы, пісалі прамовы з нагоды рознага роду ўрачыстасцей, стваралі і ставілі выставы. З аднаго боку, там панавала атмасфера маральнага аўтарытэта высокага – друкаванага – кніжнага слова, рускага і замежнага. З другога, фарміраванне вучняў адбывалася ва ўмовах інтэрнацкага жыцця. Родная мова, якую семінарысты засвоівалі яшчэ ў сямейным асяроддзі, станавілася мовай іхніх сяброўскіх, не афіцыйных, зносін. Усе яны былі аб’яднаны адным сацыяльным статусам, семінарская субкультура шкаляроў выяўлялася праз этнаграфічныя і моўныя прывязаннасці да роднай мясцовасці, да жарту, парадзіравання ў побыце, тэатральнага прадстаўлення з выкарыстаннем шырокага аўтэнтычнага слоўнага дыяпазону і інш. Катлярэўскі ўкраінскую мову ўбіраў у сябе як паветра з самога дзяцінства, з жывой гаворкі навакольных людзей і фальклору. Будучы пісьменнік схопліваў моўныя адметнасці – мілагучнасць, лексічнае багацце, стылёва-сінтаксічны лад, ад народна-жартоўнага да ўзнёсла-ўрачыстага. Музычна адораны, Катлярэўскі меў добры слых і голас, цудоўна граў на скрыпцы. Быў цікавым суразмоўцам, душой кампаніі, прысутнічаў на народных святах, забавах, запісваў песні. З дзеда-прадзеда Катлярэўскі быў казацкага роду. І ўсё гэта не магло не знайсці адбітак у яго жыццёвым і творчым лёсе.

Пакінуўшы семінарыю, у першыя гады свайго самастойнага жыцця Катлярэўскі працуе хатнім настаўнікам у панскіх маёнтках. Якраз на той час прыпадае пачатак работы над паэмай «Енеіда». Гісторыя пісьменніцкага лёсу Катлярэўскага паказальная: яна раскрывае ўмовы развіцця і станаўлення ўсёй ўкраінскай літаратуры. Творчы чалавек – прадстаўнік нацыянальнай меншасці ў царскай Расіі – не меў магчымасці прафесійна засяродзіцца на ўласнай культуры. Яе маргінальнае становішча не дазваляла мастацкім творам выходзіць у свет чытачоў праз друкаваныя органы. Да таго ж магчымасць друкавацца адкрывалася ў час Катлярэўскага толькі ў сталіцы. Ён жа знаходзіўся ў правінцыі, і ўласных коштаў на публікацыю твораў у яго не было. Таму першыя спробы Катлярэўскага ў апрацоўцы знакамітага сюжэту пра вандроўкі Энея заставаліся рукапіснымі. Фактычна, пісьменніцкая праца Катлярэўскага мела прыватны, інтымны характар. Ён пісаў ад душы, але найперш для сябе, бліжэйшага кола сваіх сяброў. І аж ніяк не разлічваў на шырокую чытацкую аўдыторыю. Пісьменнікам Катлярэўскага зрабіў той поспех, які напаткаў яго твор. Папулярнасць спіскаў паэмы была каласальная. І менавіта гэтыя акалічнасці спанукалі пісьменніка да свядомага працягу творчай дзейнасці.

У той жа час, Катлярэўскі не мог не шукаць шляхоў рэалізацыі самаго сябе ў грамадстве: патрэбна была сталая дзяржаўная служба, неабходны былі сродкі для існавання. Атрымаўшы афіцыйны дакумент пра пацьвярджэнне дваранскага паходжання, дзе было пазначана, што «проситель о вступлении как в военную, так и в статскую службу никакого препятствия не имеет», Катлярэўскі здзяйсняе выбар вайсковай службы. Яна лічылася, у адрозненне ад чыноўніцкай, больш прэстыжнай і давала магчымасці рэалізаваць амбіцыі здольнага, адукаванага, адважнага, з пачуццём уласнай годнасці маладога чалавека.

Каля 12 гадоў (1796 — 1808) Катлярэўскі знаходзіўся на службе ў царскай арміі. Ад’ютант генерала, ён з пачаткам руска-турэцкай вайны вырываецца з задушлівай штабной атмасферы на фронт, дзе выяўляе смеласць, кемлівасць, талент арганізацыі ваенных дзеянняў, дыпламатычныя здольнасці. За ўдзел у баях пад Ізмаілам і Бандэрамі Катлярэўскі быў неаднаразова ўзнагароджаны, у тым ліку вышэйшай узнагародай – ордэнам Анны. Частка службы прайшла ў Беларусі, у Лідзе. У адстаўку пайшоў вымушана: вайсковае начальства не даравала яму вальнадумства, крытыкі вайсковай бюракратыі і царскай палітыкі ўціску нацыянальных меншасцяў.

На гэты час небывалы поспех украінскамоўнага твора Катлярэўскага на поўную моц паўплываў на самаўсведамленне аўтара, на разуменне ім грамадзянскай ролі пісьменніка. Тут дарэчным будзе пераказаць ўспаміны сучасніка Катлярэўскага С. Стэблін-Камінскага. Катлярэўскі ў час расійска-турэцкай вайны ў 1807 г., перапраўляючыся праз Дунай, пазнаёміўся з двума запарожцамі. Пасля знішчэння Запарожскай Сечы Кацярынай ІІ яны на чаўне скіраваліся за Дунай. Даведаўшыся прозвішча маладога афіцэра, запарожцы ўзрушана спыталія: «Ці не той гэта Катлярэўскі, што скампанаваў «Энеіду»? Атрымаўшы станоўчы адказ, яны радасна выгукнулі: «Так гэта ты, бацька наш!», – і кінуліся ў ногі яму, цалуючы рукі, прасілі: «Ідзі , бацька, да нас, мы цябе зробім старэйшым!». Зразумела, гэты выпадак яскрава сведчыць пра запатрабаванасць твораў Катлярэўскага ў самім народзе.

Пісьменнік, як ведаем, працягвае працу над мастацкім словам. І ўсё-такі, вярнуўшыся ў Палтаву, ён зноўку аддаецца пераважна афіцыйнай працы. Разглядаючы прыклад Катлярэўскага, філосафы звяртаюць увагу на дзве галоўныя тэндэнцыі, якімі пазначана станаўленне асобы ўкраінца напрыканцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. З аднаго боку, маем справу з рацыяналістычнай вызначанасцю імперскага цэнтралізму, універсалізму, з узняццем мэты службы «для агульнага дабра», культам практычнай дзейнасці, з другога, – лакалізацыя гэтай дзейнасціў ў межах роднага кута, узмацненне ў службовай практыцы гуманітарнага і эмацыйнага кампанентаў, узаемапранікнёнасць публічных і прыватных форм жыццядзейнасці» (А. Барзенка).

Катлярэўскаму пасля адстаўкі не ўдалося замацавацца ў Пецярбурзе. Аднак, у Палтаве ён знаходзіць падтрымку з боку маларасійскага генерал-губернатара. Атрымаўшы пасаду выхавацеля ў дзіцячым доме, Катлярэўскі рэалізуе свае памкненні ў асветніцка-гуманітарнай дзейнасці. Культурнае жыццё Палтавы актывізавалася пад час знаходжання на пасадзе генерал-губернатара князя М. Репніна, які вызначыўся сваімі праўкраінскімі сімпатыямі. Адносна М. Рэпніна, яго стаўлення да Украіны, можна выкарыстаць словы, сказаныя расіянінам Л. Кірпічнікавым, аўтарам «Очерков по истории новой русской литературы»: «Мягкая природа и проникнутая тихой поэзией жизнь малорусской деревни имеют притягательную силу не для одних только уроженцев этих стран; часто северянин, прожив некоторое время в Украйне, привязывается к ней сильнее, чем к своей суровой и менее поэтичной родине». Для расіян, якія сярод краін, надзеленых асаблівай паэтычнай аўрай, бачылі Італію, Іспанію, Шатландыю, пачынала адкрывацца Украіна. Паказальнымі з’яўляюцца сведчанні М. Гогаля. У адным з лістоў, напісаных у 1829 г., ён канстатаваў наступнае: у Пецярбургу «захоплены ўсе ўсім маларасійскім», украінцы са сваёй ўкраінскай тэматыкай займаюць важкія месцы ў расійскай журналістыцы і літаратуры. Сапраўды, у першай трэці ХІХ ст. сярод рускай інтэлігенцыі – як у самой Расіі, так і на Украіне – было нямала прыхільнікаў Украіны. Для прыкладу можна назваць прафесара Харкаўскага універсітэту І. Сразнеўскага. Паводле устава Харкаўскага універсітэта ў 1835 г. была нават арганізавана кафедра гісторыі і моў славянскіх народаў, якую ўзначаліў І. Сразнеўскі. Харкаўскае славянафільства, якое прабівалася, зразумела, не без цяжкасцей, знайшло свой працяг у грамадска-палітычнай структуры кіеўскага Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва.

У 1816 г. «Харьковским вестником» былі апублікаваны допісы расіяніна А. Леўшына пад назвай «Письма из Малороссии», дзе аўтар сцвярджаў, што калі «гении здешней страны обратят внимание на украинский язык и образуют оный, … тогда малороссияне в славе ученых произведений своих, может, будут состязаться с просвещеннейшими народами Европы». Аднак большасць прыхільнікаў Украіны ў той час зыходзілі толькі з пачуцця «эстэтычнай замілаванасці» да ўкраінцаў. Украіну яны ўспрымалі як «необходимое дополнение» да Расіі. Думка пра магчымасць самастойнага шляху развіцця ўкраінскай культуры і літаратуры пераварочвала «прыхільнасць» на яе супрацьлегласць – на варожасць. І калі на старонках «Харьковского вестника» адбылася знамянальная падзея – расійскамоўны Фалалей Павінухін «пераўтварыўся» ва ўкраінскага пісьменніка Грыгорыя Квітку-Аснаўяненку, русіфікацыйны рэжым з яго культурным імперыялізмам быў моцна ўстрывожаны. Былі задзейнічаны ўсе дзяржаўныя і агульнагуманітарныя рычагі, каб не дапусціць дэрусіфікацыі ўкраінскага панства і нараджэння ўкраінскай інтэлігенцыі. Расійскі вялікадзяржаўны шавінізм яшчэ выявіць сябе на поўную моц, адбудуцца акцыі, скіраваныя на забарону ўкраінскай мовы, украінскай школы, украінскага тэатру, на знішчэнне творцаў. Актыўнасць царскага ўраду і паліцэйскага рэжыму будзе ўзрастаць прапарцыянальна інтэнсіўнасці працэсу развіцця ўкраінскай нацыянальнай культуры. Усё гэта выявіцца ў сярэдзіне, другой палове ХІХ ст. Далейшыя цяжкасці станаўлення ўкраінскай літаратуры мы разгледзім ў раздзеле, прысвечаным творчасці Тараса Шаўчэнкі.

А пакуль што, высвятляючы месца Катлярэўскага ў тагачасным культурным жыцці расійскай дзяржавы, адзначым наступнае. У 1816 г., з пачыну «сімпатыка ўкраінцаў» М. Рэпніна, у Палтаве быў адкрыты тэатр. У стварэнні тэатра прымае непасрэдны ўдзел і Катлярэўскі – як фундатар, мастацкі кіраўнік, акцёр, аўтар рэпертуару. Пісьменнік уваходзіць у кола свецкіх асоб, што арганізавалі сваеасаблівы культурны салон. Яго ценяць за розум, досціп, талент, высакароднасць. Дзякуючы цесным кантактам з уплывовымі асобамі, Катлярэўскі актыўна ўваходзіць ва ўсерасійскае грамадскае жыццё. З энцыклапедычных артыкулаў пра Катлярэўскага можна даведацца, што пісьменнік «быў масонам». Перамога Расіі ў вайне з Напалеонам спрыяла некаторай лібералізацыі грамадскай атмасферы ў краіне. Палтаўская масонская ложа «Любоў да ісціны», філіял пецярбургскага аб’яднання «Астрэя», таксама ўзнікла як вынік пасляваеннай актывізацыі грамадства. Мадэрновыя погляды інтэлігенцыі прыводзілі ў сталіцы яе прадстаўнікоў на паседжанні масонскіх лож, там адбывалася абмеркаванне актуальных культурных і палітычных праблем. У палтаўскай групе масонаў Катлярэўскі выконваў абавязкі ганаровага прамоўцы. Склад палтаўскай арганізацыі сведчыць пра яе мясцовы патрыятызм, сярод кніг бібліятэкі ложы – творы ўкраінскіх аўтараў, у масонскую лектуру ўваходзяць нават рукапісы Г. Скаварады. Катлярэўскі папулярызуе мастацкую літаратуру, у яго багатая хатняя бібліятэка. Украінскага пісьменніка абіраюць ганаровым членам Расійскага вольнага таварыства аматараў славеснасці. З мэтай духоўнага і культурнага ўдасканалення грамадства ў Палтаве было арганізавана, у кантэксце дзейнасці масонства, аддзяленне Біблійнага таварыства – міжканфесіянальнай хрысціянскай супольнасці, якая займалася пашырэннем тэксту Бібліі сярод насельніцтва Расійскай імперыі. Актыўны ўдзел у яго рабоце бяре і Катлярэўскі. Усе названыя аб’яднанні можна разглядаць як пэўную форму апазіцыйнасці. Так, пачынанні ўкраінскіх масонаў атрымалі працяг у арганізаваным украінцамі-дваранамі «паўднёвым таварыстве» дзекабрыстаў, дзейнасці Пестэля, Вайнароўскага і іншых, мэтай якіх стала дасягненне ўкраінскага аўтанамізму. Праўда, неабходна заўважыць, што першыя праявы адвагі палтаўскіх масонаў, іхняя крытыка грамадскага ладу мелі абмежаваную сацыяльна-палітычную праграму. Трагічны лёс дзекабрыстаў шырока вядомы, дзейнасць жа масонаў палтаўскай ложы «Любові да ісціны» была проста ліквідавана загадам цара Аляксандра І.

Такім чынам, адметнасці біяграфіі пісьменніка раскрываюць нам вядучыя рысы тагачаснага ўкраінца. Бо, як лічаць навукоўцы (А. Барзенка), «украінскай ментальнасці ўласцівыя індывідуалізм і эмацыяналізм, часткова – тэндэнцыя да аб’яднання ў невялікія групы на падставе «пачуццёвай блізкасці», сімпатыях, прыязнасці – без уліку рацыянальна абаснаванай супольнай мэты, вырашэння шырокіх супольных задач». Менавіта гэтыя якасці ўкраінцаў засведчаны жыццёвым прыкладам пісьменніка. Так, Катлярэўскі ўпрадоўж доўгага часу займае дзяржаўную пасаду папячыцеля так званых «богаўгодных устаноў», яго чулае сэрца, прастата і даступнасць прыцягвалі казакоў, сялян, рамеснікаў. Людзі да яго ішлі ў пошуках абароны і атрымлівалі падтрымку, параду, а часта і матэрыяльную дапамогу -- з асабістага заробку Катлярэўскага... З другога боку, Катлярэўскі, пры ўсім сваім дэмакратызме, з’яўляецца аўтарам панегірычных вершаў, складзеных у гонар высокіх пасадоўцаў -- генерал-губернатара, самаго цара Аляксандра І і інш. Як бачым, і ў жыцці Катлярэўскага, і ў творчым яго даробку можна знайсці выявы парадаксальныя. І ўсё-такі, не гледзячы ні на што, імя пісьменніка запісана на скрыжалях нацыянальнага мастацтва, творчая спадчына Катлярэўскага ўвайшла ў залаты фонд украінскага пісьменства. І ніякага забыцця яму не суджана. «Будеш, батьку, панувати, Поки живуть люди. Поки сонце в небі сяє, Тебе не забудуть», -- напісаў Тарас Шаўчэнка ў сваім знакамітым вершы «На вічну пам’ять Котляревському», далучыўшыся тым самым да сакралізацыі імені пачынальніка новай украінскай літаратуры.

Шырокую вядомасць у свеце атрымалі паэма І. Катлярэўскага «Энеіда» і яго драма «Наталка Палтаўка». Спынімся на іх разглядзе больш паглыблена.

Над «Энеідай» Катлярэўскі працаваў каля 30 гадоў. Першыя тры часткі ўбачылі свет у 1798 г., чацвёртая ў 1809 г., пятая ў 1822, канчатковы варыянт тэксту быў надрукаваны толькі пасля смерці аўтара ў 1842 г. Асноўная крыніца «Энеіды» – рэальнае тагачаснае жыццё. Аднак адразу звяртае на сябе ўвагу назва твору. Яна запазычана з даўняй Антычнасці, адтуль прыйшлі і сюжэт, і імёны герояў. Пасля падзення Троі, якая была заваявана грэкамі, траянцы пад кіраўніцтвам Энея, унука свайго цара, шукаюць па свеце месца, дзе яны маглі б заснаваць для сябе новую дзяржаву. Праз сем гдоў блукання па моры і сушы траянцы, скіраваныя багамі, трапляюць у Італію. Энею наканавана ажаніцца з дачкою мясцовага цара Лавініяй. Аднак руку і сэрца царэўны Эней можа атрымаць толькі ў выпадку перамогі ў баі з рутульскім царом Турнам, які таксама хоча ажаніцца з Лавініяй. Кожны з ваюючых бакоў мае падтрымку сярод багоў. У выніку розных перыпетый і непасрэднай перамогі Энея, якую ён здабывае ў двубоі з Турнам, унук траянскага цара становіца царом лацінскай зямлі.

Гэты сюжэтны стрыжань узяты з эпічнай паэмы Вергілія, рымскага паэта, якія жыў у ІІІ ст. да н. э. Вергілій у сваім творы распавядаў пра вандроўкі і войны траянца Энея, ствараючы вобраз міфічнага заснавальніка Рымскай дзяржавы. У ХVІІ і ХVІІІ ст. гэты сюжэт неаднойчы выкарыстоўваўся пісьменнікамі розных еўрапейскіх краін -- Італіі, Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Расіі. Пры гэтым алегорыі, рэальныя і прыхаваныя паралелі і параўнанні падаваліся ў вельмі папулярным для мастацтва эпохі класіцызму жанры травесційнага бурлеска. Слова «травесція» ў перакладзе з французкай мовы азначае «пераапрананне». Бурлеск – тэрмін, які нарадзіўся ад італьянскага слова burla – жарт, таму яго трэба разумець як свядомую жартоўную форму падачы матэрыялу. Незалежна ад таго, пра што ішла гаворка -- пра сур’ёныя ўчынкі, героіку, высокіх асоб ці побытавае, нізкае, -- усё асмейвалася і падавалася ў камічным выглядзе.

У адрозненне ад травесційных пераробак твору Вергілія, Катлярэўскі не ствараў пародыю на рымскую «Энеіду», не высмейваў «высокі стыль» яе аўтара, не паўтараў крытычных прыёмаў папярэднікаў. Ён выкарыстаў усе магчымасці, якія даваў яму жанр бурлескнай травесційнасці, для стварэння тэксту нацыянальна-патрыятычнага і сапраўды гераічнага зместу. Падзенне Троі ў паэме Катлярэўскага выклікае асацыяцыі з забаронай Гетманшчыны і зруйнаваннем казацкай дзяржавы – Запарожскай Сечы. Траянскае войска пад кіраўніцтвам Энея ў тэксце паэмы чытачы могуць успрымаць як украінскае казацтва. Такім чынам, дзейныя асобы твора Катлярэўскага ўключаны ў падзеі, за якімі прачытваўся новы гістарычны падтэкст. Адкрыта, канкрэтна ставіць пытанні пра правы нацыянальных народаў у таталітарнай манархічнай Расіі, крытыкаваць царскую палітыку адносна Украіны было немагчыма. Што датычыць гістарычнай тэматыкі, то яна ўвогуле магла прагучаць толькі ў публікацыях фальклорных, народных матэрыялаў. Паводле тагачасных правілаў лічылася, што толькі «нізкія», «прасталюдзінныя» тэксты, запісаныя з вуснаў сялян, маглі быць надрукаваны на «мужыцкай мове». Навуковыя ж каментарыі да тэкстаў царская цэнзура абавязвала даваць выключна на вялікадзяржаўнай мове.

Права «пераапранання» герояў Катлярэўскі, здзяйсняючы перанос падзей Вергіліевай паэмы на ўкраінскі грунт, выкарыстаў на поўную моц. Пісьменнік узнаўляе нядаўнюю гісторыю Украіны, апявае яе гераічнае мінулае, стварае карціны сучаснага яму жыцця, заглядвае ў будучыню. Украінскі свет «Энеіды» настолькі яскрава і поўна адлюстраваны, што яшчэ сучаснікі Катлярэўскага назвалі паэму «зборнікам украінскага народазнаўства».

Апяваючы гераічнае мінулае Украіны, Катлярэўскі падымае тэму патрыятызму ўкраінскага казацтва, яго свабодалюбства, баявога пабрацімства. Героі-траянцы ўспрымаюцца чытачамі як расцярушаныя па свеце запарожцы, якія пасля разгрому Сечы апынуліся на Кубані, на Доне, а хто і за Дунаем. Эней (удругой частцы) выявіў галоўныя якасці казацкага запарожскага атамана. Як кіраўнік войска ён разумны і патрабавальны, пазней аўтар паказвае яго як разважлівага дзяржаўнага дзеяча і дыпламанта. У вусны воінаў Ніза і Эўрыіла аўтар укладае словы-афарызмы пра любоў да Айчыны, якія сталі крылатымі. Апісваючы ў пятай і шостай частках гераізм траянцаў, Катлярэўскі называе сапраўды існаваўшыя «слаўныя казацкія палкі Лубенскі, Гадзячскі, Палтаўскі», героя Украіны Максіма Залізняка і інш.

На Украіне адбываюцца і мірныя падзеі твора. Знаходзім там назвы гарадоў і вёсак Палтаўшчыны: Лубны, Гадзяч, Будышча і інш. Апісанні прыроды і хатнягя інтэр’еру нагадваюць украінскія рэаліі, усе героі, і нябесныя багі, і зямныя жыхары, апранутыя ў нацыянальную вопратку ўкраінцаў, на сталах у іх нацыянальная ўкраінская ежа, нацыянальныя напоі, народны посуд. З жыцця выхаплены карціны, у якіх паказваюцца народныя звычаі – вечарніцы, пахаванні, памінкі, варажба, народныя забавы з адпаведнымі танцамі. Героі Катлярэўскага спяваюць народныя песні. Карнавальны космас нацыянальных выяў, пададзены ў літаратурным творы, нібыта запрашае ўсіх украінцаў аб’яднацца вакол гістарычных супольных традыцый…

У еўрапейскай літаратуры пасля «Боскай камедыі» Дантэ пісьменнікі даволі часта звярталіся да алегарычнага вобразу пекла. Па-майстэрску выкарыстаў гэту мадэль супрацьпастаўлення пекла-дна, верха-неба і Катлярэўскі. Згодна з народным разуменнем дабра і зла аўтар насяляе пекла панамі-прыгоннікамі, начальствам, якое за сваю амаральную сутнасць было праклята, разнастайнымі чыноўнікамі, купцамі, карчмарамі, афіцэрамі, якіх -- услед за народам – называе «п’яўкамі людскімі». У раі – бедныя, удовы, сіраты, якіх несправядліва каралі і крыўдзілі. І калі пра першых аўтар піша з асуджэннем, вострай выкрывальнай крытыкай, то пра тых, хто пры жыцці цярпеў, спазнаўся з бядою, аднак застаўся чысты сэрцам, ён гаворыць са спачуваннем, любоўю, сваім словам рашуча за іх заступаецца.

Як гуманіст, Катлярэўскі перакананы ў магчымасці выхаваўчымі мерамі палепшыць і ўдасканаліць мараль, сутнасць чалавечага «я». Месцамі яго крытыка гучыць зусім па-сучаснаму, пра што сведчаць наступныя радкі з паэмы:

Ти знаєш – дурень не бере:

У нас хоть трохи хто тямущий,

Уміє жить по правді сущій,

То той, хоть з батька, то здере.


Пісьменнік сродкамі сатыры выкрывае схільнасць асобных людзей да паразітычнага існавання, асуджае мізэрнасць такога жыцця, якое праходзіць у сварках, п’янстве, бескультур’і. Пануючым і кіруючым сацыяльна-дзяржаўным інстытутам паказаны ў паэме і Алімп. Яго структура нагадвае сталічны чыноўніцка-бюракратычны апарат, сістэма адносін у якім пабудавана на чынашанаванні, падхалімстве, кругавой паруцы. Злоўжыванне начальніцкім становішчам, поўная абыякавасць да жыцця народа і, самае галоўнае, хабарніцтва – вось што лічыць шляхетны, чэсны грамадзянін Катлярэўскі асноўнымі праблемамі жыцця краіны. Можна таксама ўбачыць, што Катлярэўскі выказаўся крытычна (праўда, прыхавана і ў алегарычнай форме) нават адносна дэспатычны-самадзяржаўніцкай палітыкі царыцы Кацярыны ІІ – праз параўнанне яе са злоснай царыцай Цырцэяй.

Многія моманты ў творчасці Катлярэўскага сведчаць, што пісаў ён у духу асветніцкага рэалізму, выступаючы як мудры настаўнік, педагог, выхавацель, як выкрывальнік усяго таго нягоднага і адмоўнага, што выклікала маральнае вырадженне асобы, перашкаджала развіццю грамадства ў цэлым.

Можна з упэўненасцю сказаць, што ў паэме ёсць яшчэ два галоўныя важкія героі, дзякуючы якім семантыка і праблематыка твора раскрываюцца даходліва і яскрава. Радкі паэмы насычаны энергіяй вострага, дасціпнага, з’едліва-калючыга гумару, а часам проста лёгкага і вясёлага жарту. Смех у «Энеідзе» з’явіўся паказчыкам сілы народу, які ўмее пасмяяцца і над іншымі, і над самім сабою. Смех у розных яго праявах — гумар, іронія, сатыра — становіцца не толькі мастацкім прыёмам, што было характэрна для твораў класіцызму, але і формай самапазнання народа.

Наватарства твора выявілася і ў выкарыстанні жывой народнай мовы, наданні ёй літаратурнага статусу. Мова – таксама галоўны герой тваора. Дагэтуль у літаратуры, якая пісалася пераважна высокім стылем, на царкоўнаславянскай мове, украінскія словы сустракаліся толькі як элементы простанароднага моўнага каларыту. У паэме выкарыстана багатая размоўная лексіка ўкраінскага вяскоўца, жартоўныя элементы з фальклору, такія як анекдоты, прымаўкі, прыказкі, пераказы, быліцы. Выкарыстанне шырокіх сінанімічных радоў выяўляе багацце і распрацаванасць самой мовы. Для прыкладу, у паэме да слова «гаварыць» можна знайсці больш як за 20 адпаведнікаў, да слова «біць» – каля 60! (разам з фразеалагізмамі). Навукоўцы вызначылі, што «Энеіда» налічвае 7 тысяч слоў разнастайных семантычных груп: назвы адзення, хатняга інтэр’еру, збудаванняў, сельскагаспадарчых заняткаў, жывёл, раслін, пладоў і інш.

Асэнсаваўшы галоўнае ў паэме, лагічна прыйсці да пераканання, што тэматыка і праблематыка твора фармулююць асноўную ідэю ўкраінскасці як такой З аднаго боку, пісьменніка непакоіць паднявольны стан Украіны, ён звяртае ўвагу на магчымасць сумнай перспектывы яе гістарычнага развіцця:

Пропали, як сірко в базарі!

Готовте шиї до ярма:

По нашому хохлацькому строю

Не будеш цапом, ні козою,

А вже запевне, що волом:

І бездуш в плузі походжати,

До бровара дрова таскати,

А, може, будеш бовкуном….

З другога, важна адзначыць, што даследчыкі ўкраінскай старажытнай літаратуры падкрэсліваюць: у тагасаных пісьменнікаў родны для іх горад Кіеў выступаў пад назвай Троя. Выкарыстоўваючы сюжэт адраджэння лацінскай дзяржавы, узвядзенне новай Троі, Катлярэўскі выказваў веру ў моц народа, яго героі

Про Сагайдачного співали,

Либонь співали і про Січ…

Вяргілй, пішучы сваю «Энеіду», меў на мэце давесці бажэственае паходжанне сучаснай яму ўлады, узвялічваў Актавіяна Аўгуста. Катлярэўскі кіраваўся іншым пачуццём гісторызму. Перыпетыі антычнага свету ў яго творы адсунуты на другі план. Галоўнае месца ў Катлярэўскага адведзена стварэнню сістэмнай карціны жыцця Украіны. Улічваючы ўсе ідэйна-сюжэтныя і мастацкія кампаненты паэмы, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што Катлярэўскі сваім творам арыгінальным чынам абвясціў свету наступнае: ўкраінскі народ існуе, ягоныя свабодалюбівыя традыцыі, самабытная культура і мова незнішчальныя, яны павінны мець права на гістарычную перспектыву, на развіццё, на будучыню.

Паэма стала таксама пераломным пунктам у гісторыі ўкраінскага вершаскладання: замест традыцыйнага для ранейшай літаратуры сілабічнага верша І. Катлярэўскі ўводзіць сілаба-танічны. Напісана «Энеіда» чатырыстопным ямбам. Радкі ў паэме, аб’яднаныя рыфмамі, а таксама агульным прадметам гаворкі (перепетыі, пейзаж, партрэт), складаюць пэўную цэласнасць, якая замацоўваецца дзесяцірадковай страфой. Родак з чатырох стоп, вялікая страфа рабілі тэкст паэмы даволі плаўным і меладычным. Такім чынам, у тэксце паэмы знаходзім элементы паэтыкі вершаванай літаратуры будучых стагоддзяў.

Як і кожная неардынарная мастацкая з’ява, «Энеіда» не магла не захапіць сваёй прынаднасцю і чытачоў, і пісьменнікаў. У яе з’явіліся не проста прыхільнікі. Яна трымала ў палоне шмат сваіх паслядоўнікаў, якія ў духу Катлярэўскага апісвалі народнае жыццё. Пад магутным уздзеяннем мастацкай задумы Катлярэўскага з’явілася, у прыватнасці, паэма «Энеіда навыварат» – адзін з першых твораў новай беларускай літаратуры.

Сярод украінцаў арыентацыя толькі на бурлескна-травесційныя адметнасці «Энеіды» атрымала назву «катлярэўшчыны». Эпігоны пісьменніка пісалі ў духу «агрубленія» смехавай народнай культуры, не разумеючы той зверхзадачы, якая прачытваецца за смехавымі прыёмамі – жартам, гратэскам, іроніяй, выкарыстанымі Катлярэўскім. Вузкасць мыслення, прымітывізм мастакоўскі міжволі прыводзіў паслядоўнікаў-эпігонаў да вульгарызацыі эстэтычных асноў народнага светабачання. Як мы ўжо адзначалі, занадта «элітарны» П. Куліш выказваў сур’ёзныя прэтэнзіі аўтару «Энеіды». Паводле Куліша, канцэпцыі твораў у пісьменніка фармавалася на інтуітыўным узроўні, «автор смутно почуял беззаконие своего смеха, и под конец смеялся уже без искренности». Успрымаючы бурлескны стыль як праяўленне невысокай мастацкай культуры, услед за Кулішом і іншыя даследчыкі крытыкавалі ўкраінскіх пісьменнікаў першай паловы ХІХ ст., такіх як К. Думітрашка, П. Караніцкі, С. Пісарэўскі, Я. Кухарэнка, за «насмешку над народным жыццём». Відавочна, не ва ўсім яны мелі рацыю. Што датычыць Катлярэўскага, то падобнага роду заўвагі вынікалі праз неразуменне амбівалентнай прыроды смеху ў яго паэме, тлумачэння прыймаў гумару як формы прыніжэння герояў.

З цягам часу пазначаныя тэндэнцыі разгляду «Энеіды», як і сам тэрмін «катлярэўшчына», выявілі сваю неспраможнасць, памылковасць. Даследчыкі літаратурнага працэсу прыйшлі да аб’ектыўнага вывучэння разнастайных праяў камічнага, прыроды нацыянальнага гумару, народнай смехавай культуры, ролі міфалагізму ў светапогляднай сістэме творцаў, функцый бурлеску, асветніцкіх ідэй, праяваў рамантычных тэндэнцый і інш.

Увогуле ж літаратуразнаўства ўспрымала Катлярэўскага ў адпаведнасці з новымі павевамі гістарычнага часу. Першыя рамантыкі ХІХ ст. адкрывалі этналінгвістычныя вартасці твораў Катлярэўскага. Пазней звярталі ўвагу на іхнюю асветніцкую ідэйную скіраванасць. У некаторых далейшых даследаваннях значэнне творчасці Катлярэўскага часам зняцэньвацца, бо разглядалася як прадукт, які выяўляе «уплыў расійскага пісьменства». Іншыя даследчыкі, сярод іх А. Аганоўскі, І. Франко, С. Яфрэмаў і інш., звязвалі нараджэнне феномена Катлярэўскага з роднымі каранямі, украінскай традыцыяй папярэдніх стагоддзяў, творчасцю вандроўных дзякоў, казацкімі летапісамі, выставамі школьнага тэатру і высока ацэньвалі гэтыя праявы пераемнасці ў нацыянальным літаратурным працэсе.

У 20-я гады ХХ ст., калі пачаў адбывацца моцны ідэалагічны ўціск на нацыянальную творчую інтэлігенцыю, Катлярэўскі з яго выразнай украіназнаўчай тэндэнцыяй патрабаваў абароны. Каб «рэабілітаваць» пісьменніка, украінскія гісторыкі літаратуры патрыятычны сэнс яго твораў імкнуліся «завуалёўваць», натомест пачалі адшукваць у Катлярэўскага «прагресіўныя рэалістычныя праяўленні». Прымітыўнасць такога літаратуразнаўчага мыслення відавочная, аднак менавіта яна дазваляла захаваць Катлярэўскаму імя «першапачаткоўца ў прагрэсіўным накірунку новай украінскай літаратуры». Сёння ж мы можам падзяліць думку, выказаную яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. М. Кастамаравым: «Энеида», как пародия, потеряла для нас свою цену; но та же самая «Энеида», как верная картина малороссийского быта, как первое сочинение на малорусском языке, в наших глазах – драгоценное творение: мы видим в нем достоинства, которые были скрыты от… читателей»…

Падкрэслім, і ў ХІХ, і ў ХХ ст. сутнаснае, а не павярховае засваенне традыцыі Катлярэўскага давала выдатныя вынікі, калі пад пяром таленавітых творцаў, пісьменнікаў сатырыкаў-гумарыстаў «смехатворчасць» закладвалася ў стылёвую манеру аўтара і не дэфармавала вобразы прадстаўнікоў з народа. Гэта засведчана неаднойчы – паэтычнымі радкамі Я. Кухарэнкі, «співамоўкамі» С. Руданскага, «вішнёвымі ўсмешкамі» А. Вышні, гумарам С. Алейніка. Вопыт, засвоены з каштоўных урокаў Катлярэўскага, рэалізуецца ў творчасці сатырыкаў на мяжы ХХ і ХХІ ст. Неўміручы голас Катлярэўскага адчутны і ў карнавальнай прозе сучаснага пісьменніка Ю. Андруховіча…

Паўната нацыянальнага вобразу ўкраінца залежыць ад некалькіх складнікоў. Гераічнае і гумарыстычнае неразрыўна звязанае з лірычным. Гэтага не мог не адчуваць Катлярэўскі. Некаторыя з сучасных літаратуразнаўцаў выказваюць думку (С. Каваліў), што Катлярэўскі як драматург свядома адышоў ад жанрава-стылёвага нарматыву сваёй «Энеіды». Адчуваючы абмежаванасць творчай манеры, выпрацаванай пры напісанні паэмы, Катлярэўскі пры стварэнні п’есы «Наталка Палтаўка» засяродзіўся на вобразах «іконаграфічных». П’еса і дагэтуль захоўвае сваю чароўнасць праз вытанчаны лірызм, прыкметы рамантычнага стылю, які на час яе стварэння ў літаратуры Украіны таксама з’явіўся наватарскім – і прагнастычным.

П’еса «Наталка Палтаўка» паклала пачатак новай украінскай драматургіі. З аднаго боку, неабходна адзначыць, што аўтар арыентуецца на строгія патрабаванні класіцызму, у прыватнасці, закон «трох адзінстваў» і незмяшанне стыляў. З другога боку, ён прыўносіць у твор прынцыпова новыя, характэрныя для асветніцкага рэалізму якасці. П’еса вызначаецца жыццёвай верагоднасцю канфлікту, праўдзівасцю характараў, выразнай маральна-дыдактычнай пазіцыяй аўтара праз паказ герояў, надзеленых станоўчымі рысамі, вартымі пераймання. Новым для самога Катлярэўскага стала шырокае ўвядзенне ў тканіну твора фальклорнага, асабліва песеннага матэрыялу з настановай на паяднанне лірычнага і камічнага пачаткаў. Драматургічнае майстэрства Катлярэўскага ў вялікай ступені вызначаецца таксама і жывасцю дыялогаў.

Варта адзначыць, што «Наталка Палтаўка» стала першай у еўрапейскай літаратуры народнай сацыяльна-побытавай драмай з вясковага жыцця. Першая ластаўка новай украінскай драматургіі, яна на працягу ХІХ ст. была ўзорам для далейшага развіцця гэтага роду літаратуры, паднялася да вяршынь сусветнага ўзроўню. «Наталка Палтаўка» – гэта і драматычны твор, і опера, створаная класікам украінскага музычнага мастацтва М. Лысенкам на аснове тэксту Катлярэўскага і тых песень, што ўключыў у драму пісьменнік. Дзякуючы сваёй высокай сцэнічнасці п’еса Катлярэўскага «Наталка Палтаўка» вось ужо два сагоддзі ўпісваецца ў рэпертуар тэатраў не толькі ўкраінскамоўных. На геаграфічнай карце пастановак «Наталкі Палтаўкі» пазначаны тэатры многіх краін свету.

Для разумення пісьменніцкага крэда вартая таксама ўвагі п’еса Катлярэўскага «Маскаль-чараўнік». Вядома, што штуршком для напісання названага вадэвіля з’явілася творчасць А. Шахоўскага, яго твор «Козак-стихотворец», які «праславіўся» неталерантнай інтэрпрэтацыяй вобразаў украінцаў, падаўшы іх у балаганным стылі як дэмаралізаваных маргіналаў. Катлярэўскі, насуперак Шахоўскаму, у «Маскалю-чараўніку» высмеяў чыноўнікаў-пярэваратняў, якія адракаюцца ад роднай мовы, ад звычаяў і маралі роднага народу. Іхнія адносіны да ўкраінца характарызуюцца наступнай фразай: «хохлы никуда не годятся, да голос у них хорош». Як адзначыў акадэмік М. Жулінскі, «Іван Котляревський свідомо осміяв запродане українське «благородне дворянство» і відкрив справжнє благородство простої людини, яка власну честь і гідність шанує і оберігає з високим почуттям відповідальності за свій рід і народ, за окривджену підневільну Україну». Катлярэўскі, відавочна, прытрымліваўся прынцыпаў сентыментальнага падыходу пры стварэнні вобразаў «простага», «прыроднага» чалавека. Гэтыя назіранні не ў апошнюю чаргу маюць дачыненні да вобразаў герояў з «Наталкі Палтаўкі» -- Пятра, альбо яго сябра Міколы. Аднак, не абмінаў пісьменнік і крытычнага падыходу да негатыўнага ў чалавеку, што знайшло адбітак у апісанні пекла ў «Энеідзе», у разкрыцці асобных рысаў характару Вознага з «Наталкі Палтаўкі», Фінціка з «Маскаля-чараўніка». Пазіцыю Катлярэўскага нельга не прызнаць усвядомленай, пісьменнік узняўся на абарону нацыянальнай годнасці свайго народу, зрабіў гэта аператыўна і таленавіта.

Імя Катлярэўскага стала папулярным яшчэ пры жыцці пісьменніка, бо, паводле выказвання іншага класіка ўкраінскай літаратуры Панаса Мірнага, з «пачыну» Катлярэўскага «па ўсёй Славяншчыне пайшло ўкраінскае слова гуляць». Пра Катлярэўскага ведалі, творы яго чыталі з нязменным захапленнем у Чэхіі, Польшчы, Ангіліі, Францыі, Італіі. Побыт Катлярэўскага ў Беларусі таксамам меў свае вынікі У арыгінальным тэксце «Энеіды» часам можна сустрэць асобныя беларусізмы, якія маглі трапіць у лексікон пісьменніка падчас яго «лідскага» перыяду жыцця. Як мы ўжо адзначылі, «магія» яго чароўнага слова адчутная ў беларускім тэксце «Энеіды навыварат». Знакаміты беларускі паэт А. Куляшоў выканаў пераклад украінскай паэмы, які па праву лічыцца лепшым яе іншамоўным узнаўленнем.

Ёсць яшчэ і іншыя факты ўздзеяння творчасці Катлярэўскага на станаўленне беларускай нацыянальнай культуры. Першымі пастаноўкамі беларускіх аматарскіх драматычных гурткоў (як у Беларусі, так і за яе межамі), а таксама першага беларускага прафесійнага тэатра на чале з І. Буйніцкім былі творы ўкраінскіх тэатральных класікаў – І. Катлярэўскага, М. Крапіўніцкага, І. Карпенкі-Карага. Так, драматычны гурток вёскі Астрамечава Гродзенскай губерні ў 1908 г. узяўся за пастаноўку «Наталкі Палтаўкі» Катлярэўскага. Трэба сказаць, што гэта вёска жыла, як на той час, даволі інтэнсіўным культурным жыццём. У ёй была адкрыта ці не найбольшая тады ў Беларусі сельская бібліятэка. Грашамі і кнігамі атрымлівала бібліятэка дапамогу ад М. Горкага, Л. Талстога, высылала туды кнігі і «Парыжскае таварыства сяброў рускага народа», старшынёй якога з’яўляўся Анатоль Франс. Безумоўна, у вясковай бібліятэцы было нямала розных драматычных твораў і інсцэнізацый. Аднак вясковыя аматары спынілі свой выбар на неўміручай «Наталцы Палтаўцы». Не маючы беларускага перакладу гэтага твора, шэсць хлопцаў і двое дзяўчат з дапамогай студэнта Пецярбургскага універсітэта М. Раманскага вывучылі на памяць украінскі арыгінал. 20 ліпеня 1908 г. «Наталка Палтаўка» з поспехам была паказана навакольным сялянам, што сабраліся ў прасторнай зале народнага вучылішча суседняга мястэчка Арэнічы.

Глыбейшае прачытанне творчасці беларускіх пісьменнікаў – творцаў тэатральнага рэпертуару -- раскрывае свядомае засваенне класікамі беларускай драматургіі ўрокаў Катлярэўскага. Маем усе падставы лічыць сястрыцамі «Наталкі Палтаўкі» і «Пінскую шляхту» В. Дуніна-Марцінкевіча, і нават «Паўлінку» Янкі Купалы. Аднак гэта ўжо тэма асобнай размовы.

Падагульняючы разгляд творчай дзейнасці І. П. Катлярэўскага, працытуем выказванне вядомага ўкраінскага літаратуразнаўца М. Т. Яцэнка: «Пісьменніцкая практыка Катлярэўскага спрыяла руйнаванню мастацкага універсалізму ва ўкраінскай літаратуры, пераходу ад ідэйна-мастацкай апрацоўкі традыцыйных літаратурных версій да сцвярджэння канкрэтна-гістарычнага бачання рэчаіснасці, стварэння арыгінальных мастацкіх структур, расшырэння праблематыкі і развіцця ва ўкраінскай літаратуры індывідуальнага творчага пачатку».

ЛІТАРАТУРА


1. Котляревський Іван. Поетичні твори. Драматичні твори. Листи. – Київ, 1982.


2. Борзенко О. І. Сетиментальна «провінція»: Нова українська література на етапі становлення. – Харків, 2006.

3. Жулинський Микола. Духовна епоха в історії України. До 200-ліття виходу в світ «Енеїди» // Київська старовина, 1998, №5.

3. Ковалів Юрій. Скрипторій. – Біла Церква, 2004.

4. Куляшоў Аркадзь. ???

5. Яценко М. Т. На рубежі літературних епох: «Енеїда» Котляревського і художній процес в українській літературі. – Київ, 1977.

6. Нахлік Є. Творчість Івана Котляревського: Замовчувані інтерпретації. Дискусійні проблеми. Спроба нового прочитання. – Львів, 1994.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   18

Похожие:

Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconВучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне “гісторыя беларусі” у дзвюх частках Частка 1 Брэст Брду імя А. С. Пушкіна 2009 удк 94(476)(075)
Гісторыя Беларусі : вучэбна-метадычны комплекс у 2 ч. / Н. П. Галімава [і інш.]; пад агульнай рэд. У. В. Здановіча. – Ч. 1 : – Брэст...
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconАлтайск Серия «София Ургас»
Христа, начало 21 века. Это время – Начало развития шестой подрасы Пятой Коренной Расы. Это – конец Тёмной Юги – Кали-Юги и Начало...
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconУкраїнська література ХІХ століття
Література перших десятиріч ХІХ століття
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconРоссийской федерации
Демидионова Л. Н. Эпоха Возрождения – эпоха духовного прорыва средневековой Европы
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconЭпоха российской истории
М. И. Микешин Международная конференция «Екатерина Великая: эпоха россий- ской истории»: Тезисы докладов. Санкт-Петербург, 26 29...
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconViii. Эпоха Возрождения как начало новой европейской культуры
Эпоха Возрождения – социальный и культурный переворот средневековых традиций в Европе XIII-XVI вв
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconАнализ художественных картин мира эпохи возрождения
Эпоха Ренессанса – очень сложная эпоха. Здесь перед нами предстают сотни имен, десятки трактатов об искусстве, и только часть из...
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст icon1. Ранний Ренессанс (треченто и кватроченто) – середина XIV – XV в
Эпоха Ренессанса – очень сложная эпоха. Здесь перед нами предстают сотни имен, десятки трактатов об искусстве, и только часть из...
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconВалерий Евгеньевич Шамбаров оккультные корни октябрьской революции (поджигатель казачьего геноцида)
Екатерины ii”, “эпоха Николая I”, “эпоха Брежнева” и т д. Для Запада более привычен другой подход — узкая персонификация истории...
Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі у трох частках. Частка Эпоха Старажытнасці – ХІХ ст iconІ. Научно-исследовательская работа
Вярсэты гісторыі альбо старажытнасці Калінкавіцкага краю ў матэрыяльных рэштках”, “Калінкавіцкі строй. Песня маіх дзядоў”, “Яны прайшлі...
Разместите кнопку на своём сайте:
Библиотека


База данных защищена авторским правом ©lib.znate.ru 2014
обратиться к администрации
Библиотека
Главная страница